“Гонар вёскі маёй” – бібліятэкары Мастоўшчыны сабралі цікавы краязнаўчы матэрыял аб сваёй малой радзіме

Сродкамі публікацый і відэаролікаў расказаць пра мінулае вёскі і вядомых землякоў, што дасягнулі поспехаў у розных галінах дзейнасці, пазнаёміць з адметнасцямі і прыродным багаццем рэгіёна, далучыць сучаснікаў да творчасці мясцовых літаратараў і фальклорна-этнаграфічнай спадчыны продкаў – такую мэту ставілі арганізатары раённага конкурсу відэапрэзентацый “Гонар вёскі маёй” на лепшы краязнаўчы матэрыял аб малой радзіме сярод публічных камп’ютарызаваных бібліятэк Мастоўскага раёна.

Ладзіўся ён летась з лютага па верасень, а вынікам карпатлівай сумеснай працы стала інтэрактыўная карта, што размешчана на афіцыйным сайце Мастоўскай раённай бібліятэкі. Кожны жадаючы мае магчымасць здзейсніць віртуальнае падарожжа па вёсках і прыгожых мясцінах Мастоўшчыны.

– Дадзены конкурс садзейнічае развіццю краязнаўчай дзейнасці публічных бібліятэк, – расказвае дырэктар Мастоўскай раённай бібліятэкі Таццяна Стэльмах. – Выхоўвае патрыятызм, любоў і павагу да гісторыі, традыцый роднага краю, далучае жыхароў раёна да духоўных каштоўнасцей. Безумоўна, удзел у конкурсе стымулюе творчую актыўнасць і прафесійныя навыкі супрацоўнікаў бібліятэк у краязнаўча-пошукавай дзейнасці.

Падчас выніковага пасяджэння савета сектара культуры райвыканкама былі ўзнагароджаны пераможцы названага творчага саперніцтва. Дыплом I ступені і падарунак атрымала бібліятэкар філіяла “Лунненская сельская бібліятэка” Марына Навіцкая. Яна падрыхтавала відэапрэзентацыю на тэму “Лёс яўрэйскага насельніцтва аграгарадка Лунна ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. А лёс жыхароў яўрэйскага паходжання гэтага населенага пункта, як і іншых гарадоў і вёсак Беларусі, напаткаў трагічны – ніхто больш не вярнуўся да сваіх хат. Большасць яўрэяў Лунна была закатавана ў канцэнтрацыйных лагерах, фашысцкіх “фабрыках смерці”.

Дымлом II ступені – у скарбонцы бібліятэкара філіяла “Правамастоўская сельская бібліятэка” Галіны Мякека. Відэапрэзентацыя дадзенай установы расказвае пра сем цудаў аграгарадка Масты Правыя. Якія, запытаеце вы? Заходзьце на сайт раённай бібліятэкі, адкрывайце банер “Патрыятычны праект “Гонар маёй вёскі” – і з асалодай знаёмцеся з мясцовымі славутасцямі.

Уладальнікам Дыплома III ступені стала бібліятэкар філіяла “Мілявіцкая сельская бібліятэка” Наталля Доста за відэапрэзентацыю “Алег Атаманаў”. Для тых, хто запамятаваў, гэта ўраджэнец Мастоўскага раёна, вядомы паэт і кампазітар, бард і філосаф.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара

mosty-zara.by