Гісторыю Мастоўскага краю пішам разам з “Зарой над Нёманам”

 

Нядаўна ў музеі “Лес і чалавек” адкралася новая экспазіцыя, прысвечаная развіццю Мастоўшчыны ў другой палове XX – пачатку XXI стагоддзя.

 Сярод экспанатаў мы ўбачылі і раённую газету “Зара над Нёманам”, датаваную 19 снежня 1977 года. Нумар быў прысвечаны 50-гадоваму юбілею “Мастоўдрэва”, у якім журналісты расказалі аб перадавіках вытворчасці, актывістах грамадскай работы з ліку завадчан, аб цікавых фактах з жыцця калектыву мастоўскіх дрэваапрацоўшчыкаў.

Газету перадаў у музей былы работнік «Мастоўдрэва», які ўсе гэтыя гады беражліва захоўваў рарытэт у сямейным архіве, тым самым зберагаючы памяць аб родным чалавеку.

46 гадоў мінула з таго моманту, як названы нумар убачыў свет, некаторых з герояў публікацый ужо няма ў жывых, а газета “памятае” ўсё, падмацоўваючы чалавечую памяць фактамі і лічбамі, што былі актуальнымі ў той час.

Гэта яшчэ раз пацвярджае той факт, што наша “раёнка” з’яўляецца своеасаблівым летапісам Мастоўскага краю, расказваючы на сваіх старонках аб падзеях і людзях, якія тут жывуць, добрасумленна працуюць і праслаўляюць сваю малую радзіму.

А ў вашай паштовай скрыні ёсць “Зара над Нёманам”? Калі не, дык самы час аформіць падпіску на першы квартал 2024 года, які хутка прыме эстафету ад 2023-га. Ваш паштальён паклапоціцца, каб вы заўсёды ў час атрымлівалі свежы нумар газеты, а мы са свайго боку абяцаем шэраг цікавай, актуальнай і аператыўнай інфармацыі на яе старонках. Будзем і далей пісаць гісторыю нашага краю разам!

 Наталля ШЭЎЧЫК